ТАРФЯ́НА-БАЛО́ТНЫЯ ГЛЕ́БЫ,

група глеб, якія развіваюцца пры працяглым залішнім увільгатненні атм. і грунтавымі водамі ва ўмовах балотнага глебаўтваральнага працэсу. Пашыраны ва ўмерана вільготным клімаце Паўн. паўшар’я, асабліва ў Зах. Сібіры, на Д.​Усходзе, Пн і ПнЗ Pacti, Украіне. На Беларусі (найб. у Брэсцкай, Гомельскай, Мінскай абл.) займаюць 14,1% с.-г. угоддзяў (2,9 млн. га). Характарызуюцца перавагай назапашвання арган. рэчыва над яго распадам, што вядзе да ўтварэння торфу і агляення мінер. ч. глебы.

У залежнасці ад паходжання, расліннасці і ўмоў воднага жыўлення Т.-б. г. падзяляюцца на нізінныя (слабашчолачныя, багатыя азотам і попельнымі элементамі), вярховыя (кіслыя. бедныя азотам, малапопельныя), поймавыя (алювіяльныя); глебы пераходных балот, больш блізкія да вярховых. Паводле магутнасці торфу вылучаюць тарфяніста-глеевыя (слой торфу да 30 см), тарфяна-глеевыя (30—50 см), тарфяна-балотныя маламагутныя (50—100 см), сярэднемагутныя (100—200 см) і магутныя (больш за 200 см). У цалінным стане Т.-б. г. выкарыстоўваюцца як сенажаці невысокай якасці. Нізінныя і поймавыя глебы — аб’ект меліярацыі, у выніку чаго мяняюцца працэсы глебаўтварэння (балотны працэс спыняецца, распадаецца арган. рэчыва і глеба абагачаецца попельнымі элементамі жыўлення раслін). На асушаных Т.-б. г. вырошчваюць адна- і шматгадовыя травы, прапашныя культуры. Паводле баніціровачнай шкалы Беларусі ўрадлівасць Т.-б. г. да 78 балаў.

т. 15, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)